помнік стараж.-рус. архітэктуры ў Кіеве; гал. культавы і грамадскі будынак Кіеўскай Русі, гал. храм кіеўскіх мітрапалітаў. Закладзены ў 1037. Пабудаваны з плінфы. Вялікі (37 × 55 м, выш. 29 м) 13-купальны 5-нефавы храм. З трох бакоў абкружаны 2-яруснымі галерэямі. У галерэі з З убудаваны 2 вежы (11—12 ст.), лесвіцы якіх вядуць на хоры. Першапачаткова меў пірамідальную кампазіцыю. У 1699—1707 перабудаваны ў формах укр. барока. Звонку аздоблены ўзорыстай муроўкай з цэглы і каменю. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны мазаікамі (260 м²), тэматычным і арнаментальным фрэскавым жывапісам 11 ст. (каля 3 тыс.м²; у т. л. групавы партрэт сям’і Яраслава Мудрага). У храме была велікакняжацкая пахавальня (захаваўся саркафаг Яраслава Мудрага). З 1934 музей-запаведнік, які ўключае таксама ансамбль будынкаў 17—18 ст. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Кіеўскі Сафійскі сабор.Інтэр’ер Кіеўскага Сафійскага сабора. Фрагмент.